epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дваццаць восем

Шэрыя хмары над лесам сцелюцца,

Вецер снягамі палі заносіць.

Гэй, супыніся, з дарогі, мяцеліца!

Ідуць дваццаць восем.

 

Стомлены твар іх, вочы юнацкія —

Бачыш — хаваюць яшчэ трывогу.

Што ж! Без пяшчот яна, доля ваяцкая,

Цяжка здабыць перамогу.

 

Гэта ж яны пад свінцовымі ліўнямі

Сэрца крывёй ратавалі Расію.

Чорныя танкі з жалезнымі біўнямі

 

Іх не маглі асіліць.

 

Неба, сатчы ім дарогу зорную!

Стань, маладзік, па-над іх магілай!

Іх у бяссмерце паслаў дазорнымі

Сам генерал Панфілаў.

 

Пройдуць вякі, а раз’езд Дубасекава,

Дзе паміралі яны каля рэек,

Ззяць будзе сонцам для спраў чалавека.

Слава вялікіх не тлее!

 

Ліха прыйдзе — прыгадаем няскораных,

Сэрца заб’ецца, пакліча да зброі.

З іменем Леніна —

зноў будзем ворагаў

Біць, як гвардзейцы-героі.

 

Шэрыя хмары над лесам сцелюцца,

Вецер снягамі палі заносіць.

Гэй, супыніся, зважай, мяцеліца!

Ідуць дваццаць восем.

1941


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан