epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дыпламаты

Хлопцы мае любыя,

Няўжо, няўжо вы з Мінска,

Беларусы, мужыкоў былых сыны?..

Сыплюць словы

адмыслова

па-англійску

Бы з калыскі гэтак мовілі яны.

 

Рослыя,

Асаністыя,

Пры манішках белых.

Чынныя,

Гасцінныя,

Дасціпныя паслы.

...То ён, пільны, слухае.

То рэжа праўду смела.

То сам сабе ўсміхаецца,

Адчуўшы фальш хвалы...

 

У шумлівых залах

Аб’яднаных Нацый

Дзень бясконцы —

бы ў рашаючым баі

За жыццё —

Дзе людзі

Могуць людзьмі звацца,

Загарацца кветкі,

Пець песні салаўі.

 

За зямлю

без полымя

Вогнішчаў грымотных,

За зямлю

Зялёную,

Гордую сабой,—

За спакой прастораў

І родных,

І няродных,

Сэрцы ахвяруючы,

Ім трэба весці бой.

 

І некалі ім, хлопцам,

Што выраслі ў прыволлі

Ля вербаў каля Свіслачы,

Ля Сожавых бароў,—

Некалі і ўспомніць,

Як пахнуць росы ў полі,

Як на світанку жыта

Бяжыць пад спеў вятроў.

 

Але надыдзе вечар —

І між грамоў Нью-Йорка

Такая па Радзіме

Агорне іх туга!

Па вольнасці палеткаў,

Па мігатлівых зорках

Над сцежкамі,

Па водары

Чабору на лагах.

 

Тады прыціхнуць стрыты,

Пачуўшы спеў пра рэчаньку,

Пра мройныя на хвалях

Дзявочыя вянкі.

І кожны зразумее,

Што іх любоў — навечна,

І кожны скажа —

хто яны,

Якія ў іх бацькі...

 

1969—1974

Нью-Йорк — Мінск


1962; 1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан