epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дзяўчына-сіраціна (З салдацкіх песень)

Дзяўчына-сіраціна мне вяснянак не пела.

Мне лістоў не пісала, не гукала:

— Прыйдзі.

А чаго ж маё сэрца гэтак б’ецца нясмела,

Хоць на свет, па людзей не глядзі?

 

Гой, брат мой, брат, калі ты салдат,

Адкажы мне, душу супакой!

Будзе некалі міг — для лятункаў тваіх

Пракладу я сцяжынку крывёй.

 

Дзяўчына-сіраціна мне пяшчот не дарыла,

Мне паклонаў не слала, не праводзіла ў шлях,

А куды ж ты падзелася, вольная сіла,

Што гуляла-буяла ў грудзях.

 

Гой, брат мой, брат, калі ты салдат,

Мне параду падай сваю!

Будзе некалі час — за цябе не раз

Я грудзьмі заступлюся ў баю.

 

Дзяўчыны-сіраціны я не бачыў ніколі,

Я не ведаў ніколі, што на сэрцы ў яе.

А чаго ж мне здаецца, што ў вогненным полі

Праліла яна слёзы свае?

 

Гой, брат мой, брат, калі ты салдат,

Адкажы мне, развей тугу!

Будзе некалі дзень — у смяротнай бядзе

Маладосць я табе зберагу.

 

Дзяўчыны-сіраціны не магу не шукаці,

Сэрца хоча дазнацца — для помсты святой:

Хто распяў майго бацьку, загубіў маю маці,

Хто пакінуў мяне сіратой.

 

Гой, брат мой, брат, калі ты салдат,

Мне параду падай сваю!

Будзе некалі час — за цябе не раз

Я грудзьмі заступлюся ў баю.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан