epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дзяўчына

Хто б падумаў, што — адна на свеце

На руінах, дзе скуголіў вецер,

Горкая, знявечаная сумам,

Плакала яна наўзрыд без слёз

Над забітай маці;

Хто б падумаў,

Што аж тры гады сірочы лёс

Яе кідаў

сцежкамі цярністымі

Па краінах,

спаленых фашыстамі,

Па зямлі,

крывавым горам скутай;

Хто б падумаў, што ў малы свой век

Зведала і боль, і крыўду лютую

Гэтая дзяўчына —

чалавек

З тварам,

ад якога вее шчырасцю;

З позіркам,

дзе столькі цеплыні!

Як яна магла такою вырасці,

Вызнаўшая чорнай скрухі дні?

Ці працуе — не налюбавацца,

Ці танцуе — хочацца падняцца

І нагой прытупнуць побач з ёй,

Ці спявае песню —

гэтак радасна,

Быццам рассцілае зараз сад вясна

Для цябе высока над зямлёй...

На яе гляджу — і сэрца поўніцца

Любасцю да краю.

О мой край!

Гэта ты, каб жах ёй не запомніўся,

Каб душу не выпаліў адчай,

Гэта ты сваёй чароўнай сілай

Напаіў яе, падняў яе,

Гэта ты яе расправіў крылы,

Даў ёй думы светлыя свае!

Колькі, край мой любы, цябе мучылі,

Колькі раз калечылі цябе,

Колькі раз пяклі цябе палюча,

А ты ўсё ж не здаўся ў барацьбе,

А ты выжыў, волат, і не помстай

Славішся, а шчодрай дабратой,

Чуласцю прыгожага сяброўства,

Мірнасцю і вернасцю святой!

Вось пяе дзяўчына. Хто пазнае,

Колькі дасталося ёй пакут?

Песня яе — сонейка вітае,

Не ўспамін дакорны, не прысуд,

Песня яе — кліча сэрца кожнае

Берагчы, асветленыя днём,

Вольныя шляхі, палі і пожні,

Што калісь стагналі пад агнём.

Веру — яе песня водгук знойдзе,

Веру — сваім будучым сынам

Не нянавісць, што са смерцю ходзіць,

Перадасць, іх любячы, яна.

Перадасць яна ім сваю мужную

Веру ў пераможны шлях людскі.

І таму наш край і род наш дружны

Будзе жыць і славіцца вякі!

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан