epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дзяўчына на брадвейскай рэкламе

Прыкрыла зорным сцягам паласатым

Дзяўчына сорам ад вачэй юрлівых.

І ты не абурайся, дружа. Так ёй трэба.

Інакш, відаць, не можа ўратавацца.

Адно пытанне: ці паможа й гэта —

Пабач, як ходзяць вокал сексуалы.

Глядзяць: ці можна згрэбці і пад сцягам,—

І пагнюсіць пад ім жывое цела.

А будзе гэты сцяг ім перашкодай,—

Дык што задумвацца: сарвуць яго

з дзяўчыны

І ў гразь затопчуць,—

і красу, падмяўшы,

Зняславяць...

І не пікнуць небаскробы...

1969,

Нью-Йорк


1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан