epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дзяўчына ў канцэрце

Як ускрыкнулі скрыпкі,

Грымотна ўзвіхрыўся арган,

Ад журботы

Захмурыўся

Твар дзявочы.

Што з табою, галубка?

Чаму твае вочы

Заслаў

Слёз туман?

 

Маладая рука —

Нібы рыбка ў сне.

А пунсовая сцюжа

Бяжыць

Па губах.

О Бах!

Калі б ведаў Бах,

Што камусь

Ад яго

Жальбою дыхне,

Вер мне, галубка,

Ён не тварыў бы,

Бах!

 

Слухай, галубка,

Колькі пяшчот,

Колькі трымцення,

Колькі яснот —

Пасылаюць

Арганныя струны

Ў зал.

Гэта табе,

Каб сціхла сляза,

Бах шле

Кілім-самалёт,—

Быць табе

Радаснай

Ён

Наказаў...

 

Я не ведаю, дзетка,

Што за гора ў цябе...

Можа, табе здрадзілі...

Гэта так балюча...

Але паслухай,

Як згодна

Пяюць табе скрыпкі,

Пявучыя!

Паслухай,

Як соладка

Славіцца шчасце

Ў кожнай

Званлівай трубе!

 

Паслухай, паслухай!..

А можа, ты сэрца ўстрывожыла

Памылкай?..

А можа, пагрозы

Няма твайму шчасцю?..

— Ах!..

Аркестр спыняецца...

Аркестр так не можа...

— Сціхнем!

Ушануем чыстыя слёзы!..—

Просіць,

Змаўкаючы,

Бах...

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан