epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Дзявочы голас кінуў песню ў сэрца..."

Дзявочы голас кінуў песню ў сэрца.

І хлопец — што маланка, на кані.

Аж са здзіўлення ўрэзаўся ў азерца

Маладзічок

з прыціхлай вышыні...

 

Падковаў звон лугі трывогай поўніць...

З азерца хтось смяецца юнаку...

Няўжо маладзічок?..

Ах, маладзічок!

Калі ты станеш поўняй,

Тады штось зразумееш на сваім вяку!

 

Тады, ўлюбёны ў сініх вод люстранасць,

Адбіткам іх зажурышся да дня...

І ўспомніш хлопца,

што, пачуўшы спеў каханай,

«Хутчэй!» —

прасіў, як брата, звонкага каня...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан