epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дзе ты быў

Не кажы: мне, дзе ты быў,

Што ў дні летнія рабіў:

 

Калі твар твой загарэлы,

Калі радасць у вачах,

Голас гучны, поступ смелы,

Сіла чуецца ў руках,—

 

Значыць, быў ты, добра знаю,

Не ў цяньку, не ў халадку,

Ты ў паход хадзіў па краю,

Пераплыў не раз раку,

Завіхаўся неаднойчы

На прывалах ля кастроў,

Да вялікіх спраў ахвочы

Жыць не мог ты без сяброў.

 

А сяброў тваіх не злічыш:

Той — у полі трактарыст,

Той — у лесе паляўнічы,

Той — у клубе гарманіст.

Той удалымі рукамі

Косіць луг і росціць хлеб.

Быў ты з добрымі сябрамі,

Вунь як вырас і акрэп!

 

Нездарма сягоння ў школе

Гэтак хораша табе.

Ты згадаеш сцежкі ў полі,

Звонкі спеў на малацьбе,

Мурагі ў лугах і рэкі,

Дзе заўжды шчаслівым быў,

І адчуеш, што навекі

Край вялікі палюбіў.

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан