epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дзеці

Не дадуць як належыць

Нават дню распачацца:

Яшчэ досвіткам звыклі

Яны прачынацца.

 

І бывай, цішыня,

І хавацца не след:

Што прад імі фанерны

 

Мой кут-кабінет?

 

Уварвуцца і просяць:

Прачытай, калі ласка,

Ім іх новую кніжку,

Там іх новая казка;

 

Адгадай, хоць памры,

Іх загадкі і сны:

Дзе яны пабывалі,

Што знайшлі там яны...

 

Дапякуць — так, што ўцёк бы,

Здаецца, са света...

Але вось за зімою

Прыходзіць і лета,

 

Кліча зноў да сябе

Іх у вёску радня...

І настала

ў кватэры маёй

Цішыня.

 

Ані крыку, ні смеху,

Ані шуму, ні тлуму —

Ці чытай сабе кнігу,

Ці сядзі сабе думай,

 

І пішы, брат, пішы,

Колькі сэрцу мага.

Але што гэта раптам? —

Адкуль жа туга?..

 

І зямля — усё тая ж,

І вясна — усё тая,

А табе — і не ўздумаць —

Чагось не хапае.

 

Колькі дзён ужо ліст

І не бачыў пяра,

І чарніла ў чарніліцы

Быццам кара...

 

Але вось яны з вёскі

Зноў вярнуліся — ў госці,—

І адчуў я крыніцу

Сваёй весялосці:

 

Хоць усё неўпапад,

Не стрымаць непасед,

Хоць ізноў мой фанерны

Трашчыць кабінет,

 

Але сёння кажу я

Ўсім людзям на свеце:

Я б не знаў, як мне жыць

І нашто, каб не дзеці.

 

З імі радасць мая,

Я кажу гэта ўсім,

І не трэба мне іншага

Шчасця зусім!

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан