epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дзень паўналецця

Успомніце, таварышы,

Свайго юнацтва дні.

На выбарчым участку

Святочныя агні.

 

Людскі ўрачысты гоман,

Цымбалаў перазвон

І песні камсамольскія

Пра сонца ясных дзён.

 

*

Калгас «Зара» на ўзлессі.

І школа над Сажом.

Відаць на ўсю аколіцу

Высокі светлы дом.

 

Я толькі што прыехаў

Настаўнікам сюды.

З запалам нерастрачаным

І сэрцам маладым.

 

Якое шчасце звацца

Настаўнікам, сябры,

Памочнікам, дарадцам

Быць нашай дзетвары!

 

Ты, можа, з вучнем пройдзеш

Адну ўсяго зіму,

А воблік твой запомніцца

На ўсё жыццё яму.

 

Запомніць ён і голас твой,

І крок твой, і пагляд...

Вярнуцца ў тую школу

Заўжды я сэрцам рад.

 

Не толькі быў настаўнікам,—

Я й сам вучыўся там:

Вучыўся быць патрэбным

І дзецям, і бацькам,

 

Вучыўся шчырасць роздумаў

Іх марам аддаваць.

І з імі —

перад сонцам

На працу уставаць,

 

Вучыўся шчодрай рупнасці

Ў цябе, калгас «Зара»!..

І там жа паўналецця

Майго прыйшла пара.

 

Жыве і ззяе ў памяці

Той незабыўны дзень.

Мой першы ўдзел у выбарах,

Мой першы бюлетэнь.

 

*

Успомніце, таварышы,

Свайго юнацтва дні.

На выбарчым участку

Святочныя агні.

 

Усё наўсцяж такое ж,

Як і заўсёды, тут:

І школа тая ж самая,

І той жа самы люд.

 

А ты,—

ляціш, здаецца,

Ў свет новай пекнаты.

Аж сам сябе не чуеш,

Як бы на крылах ты.

 

Я вызнаў гэта,—

ўсё гэта

Ад радасці, сябры.

У гэты міг за сэрца

Рукою не бяры:

 

Яно — як молат грукае

І гарачэй агню,

Яно — з праменняў песню

Твайму складае дню.

 

А песня ўжо ўзляцела —

А ў ёй душа твая —

Спявае ўся калгасная

Вялікая сям’я...

 

Усё, усё сяло тут...

Я бачу нават іх —

Вясёлых аднакласнікаў,

Гарэзнікаў маіх.

 

З бацькамі да дасвецця

Яны прыйшлі сюды

І ў песні заліваюцца

На ўсе, на ўсе лады.

 

Іх вочы ўжо далёка —

У сонечнай вясне.

І бачу: ім прыемна

Быць сёння ля мяне.

 

І бачу: ім зайздросна

Глядзець на бюлетэнь,

І бачу: яны мараць

Пра свой юнацкі дзень.

 

*

Прайшлі хадою мужнаю

Гады маёй вясны.

Грымеў па-над Радзімай

Суровы гром вайны.

 

Успомніце, таварышы:

У франтавым агні

Жылі мы светлай марай

Аб мірным ясным дні.

 

Не на участку выбарчым,

А куляю ў баю

Мы ўсе галасавалі

За маладосць сваю.

 

Але мінула бура,

І вось мы ў працы зноў.

Жадае новых подзвігаў

Радзіма для сыноў.

 

І ў гуле мірных будняў,

Дзе крок звініць, як медзь,

Свайго былога вучня

Мне выпала сустрэць.

 

*

Я стрэў яго на выбарах.

І, хоць нямала год

Прайшло пасля расстання,

А я пазнаў яго.

 

Я толькі ў вочы глянуў,

Убачыў іх святло,—

І ў сэрцы зноў шчаслівае

Юнацтва ажыло.

 

Я паглядзеў, як з радасцю

Прымаў ён бюлетэнь,

І ўбачыў паўналецця

Свайго нядаўні дзень.

 

Я быў яго настаўнікам,

Я вёў яго ў жыццё,

І сёння з ім жыву я

Адзіным пачуццём.

 

Хадзем, мой юны дружа!

Пара, пара ў палёт.

Табе жадае шчасця

Увесь, увесь народ.

 

І я з табой, таварыш,

Вясновым гэтым днём,—

Адчую сябе зноўку

Шчаслівым юнаком!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан