epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дзевачка-прыпевачка

Не спіць Андрэйкава сястрычка:

«Уа! — ўсю ноч.— Уа! Уа!»

— Ох! — стогне бабка.— Ну і пстрычка

Баліць ад крыку галава.

 

І маці ў смутку:

— Дай ты рады,

Злітуйся, ноч, пашлі ёй сон!..

Адзін малы Андрэйка рады,

Сястрычкай ганарыцца ён.

 

— Бабуля! Мамка! — ледзь не скача

Андрэйка.— Ды яна ж не плача,

А проста наша Евачка —

Дзевачка-прыпевачка!

 

Ён ёй з ласкай ручкі гладзіць,

Ён яе усмешкай вабіць.

Ён пяе ёй казку-песню,

Ён яе спагадай песціць:

— Спачні, наша Евачка,

Дзевачка-прыпевачка!..

 

— Паглядзіце, ці не сніцца? —

Бабка кажа.— Сціхла быццам?..

— Спіць...— здзіўляецца і маці.

І так добра стала ў хаце.

 

А Евачка вочкам грае,

На браціка пазірае.

«Уа!» — смяецца Евачка,

Дзевачка-прыпевачка.

 

1978


1977; 1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан