epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Фарсіраваная рака

— Вось яна!.. — праказаў мой таварыш,

здымаючы шапку прад ёй

(Я заўважыў, як жылістая задрыжала рука).

І пасля,—

мусіць, з памяццю пагаварыўшы сваёй,

Ён дакончыў:

— Фарсіраваная мною рака...

 

Я глядзеў і не бачыў нічога навокал,

каб так

Хвалявацца, як зараз таварыш

хвалюецца мой.

Перад намі магутна —

відаць, анішто ёй не ў знак —

Слала воды рака, упрыгожыўшы далі сабой.

 

Па-над ёй да блакітных вышынь

уздымаліся вежы дубоў,

Каля берага суха шапталі з кугой сітнягі,

І бязмежна наўсцяж —

да пясчаных у полі гарбоў —

Прасціраліся з рослымі травамі,

з крыкамі чаек лугі.

 

Залатыя рамонкі. Пярэсна. Нявымаўны майнікаў пах.

Задуменная ціша. Спакой вечарніцы-зары.

А ў таварыша бачу глыбокую скруху ў вачах.

— Вось, глядзі...— ён гаворыць.

— Тут спяць баявыя сябры...

 

І мы ўдвух расхінулі ў маўчанні

ўзбуялы арэшнік густы

І замерлі — нібы вартавыя пад сцягам палка —

Перад брацкай магілай, спавітай у травы й кусты,

За якой зіхацела красою

фарсіраваная рака.

 

І адразу паўсталі мне ў памяці

сотні пяройдзеных рэк,

Здратаваныя гоні,

счарнелых палёў валуны,

Дзе мае аднакашнікі,

ў бітвах заснуўшы навек,

Сняць сягоння свае невядомыя, нетутэйшыя сны.

 

Як жа трэба было даражыць ім

зямлёй і нябёс сінявой,

Колькі трэба было

светлай любасці ў сэрцах насіць,

Каб застацца вось так непрыкметна

ляжаць пад травой

 

Для таго, каб маглі касары па-над імі

траву сакаўную касіць.

Для таго, каб няспынна жыццё абнаўляла

ход зімаў і лет,

А пявучыя плыні не ціхлі ў закуцці віроў,

І далёка быў чуцен пакінуты хлопцамі свет,

Дзе маленства і маці, юнацтва і рукі сяброў.

 

О крыніцы нязрушанай еднасці — сілы людской!

О Радзіма! Жыццёвая шчодрасць бясконца твая!

Спяць адны, каб ішоў па зямлі

немаўклівы спакой,

А другія растуць,

каб не менела сціплых герояў сям’я...

 

Што ж, давай памаўчым тут, таварыш,

над сумам тваім пастаім,

Ды і пойдзем далей,

бо на роднай зямлі столькі спраў! —

Што пакінулі нам

сваёй думкай і сэрцам сваім

Тыя ўсе, што памерлі для нас

на грымотных валах перапраў!..

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан