epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Фатаграфія

Хлопчык, што прывык да светлых вуліц,

Да зялёных сквераў і садоў,

Да тых песняў,

што душу расчуляць,

Пра свой горад — лепшы з гарадоў;

 

Хлопчык, у якога прад вачыма

Мінск-сталіца рос і прыгажэў,—

Нечакана дзіўны фотаздымак

У старым часопісе сустрэў.

 

Што гэта?

На плошчах дым пасланы.

Між руінаў хіляцца дамы.

Кветкі ў клумбах ботамі стаптаны.

Пуста ўсюды. Горад — як нямы.

 

— Што гэта?..— у бацькі сын пытае.

— Хлопчык! Гэта Мінск наш быў такі.

Гэта так калісь вайна ліхая

След свой тут пакінула цяжкі.

 

Шмат нягоды выпала краіне.

Ростані. Руіны. Дзірваны.

Вось чаму змагаемся, мой сыне,

Мы за мір, каб свет не знаў вайны.

 

Хлопчык бачыць шумных вуліц зоры,

Плошчы, скверы, што ў красе стаяць,

І баіцца свой любімы горад

З фотаздымкам даўнім параўнаць.

 

Пачуццю ў маленькім сэрцы цесна.

І так просіць ён: — Татуля мой,

Ты зрабі, каб радасныя песні

Горад мой заўжды спяваў са мной!

1952


1951; 1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан