epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Фельетон пра фельетон

Напісаў аднойчы слон

Фельетон.

 

Фельетон быў — пугай пуга.

Прысвячаўся ж фельетон

Тым, хто п’е за ўсю акругу

Самагонку...

 

Ну, брат, слон!

Даў п’янчугам дыхту ён!

 

Як ён біў іх, як пясочыў,

Распякаў ды ганьбаваў!

Сыпаў смела праўду ў вочы —

Так ім, так! — разгон даваў.

 

Лес дзівіўся: ну ж і ну!

Вось дык слон! Хвала слану!..

 

Толькі...

Стой... Чаму ў трывозе

Сёння ў лесе жыхары?

Чый там п’яны пры дарозе

Крык?

Хто ломіцца ў бары?

 

Гэта ж... слон...

Гэта — слон?!

Быць не можа, каб то ён

 

Так хістаўся, так гайдаўся,

А там — потарч, а там — шась...

Ой-вой-вой... Вось дык набраўся...

Слон?..

І праўда ж...

Быццам гразь.

 

Стогне лес: ох, ну ж і ну...

Вось і вер, браткі, слану!..

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан