epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Фрагмент

Усё далей, усё далей

Гадоў былых шляхі вячыстыя.

І сумна ўспомніць той ялей,

Што ліў камусь

праз слёзы чыстыя...

 

Ах, маладосць, ах, маладосць,

Якой ты ўсё ж была адданаю!

Табой круціў часамі хтось,

А ты ў адказ

плаціла славаю.

 

А ты кідала сэрца сцяг —

Жывую кроў —

да статуй бронзавых,

На смерць выходзячы ў палях

І ў цішыні гаёў бярозавых.

 

Ну, што ж, было... Грэх тым усім

Сябе ўпікаць часінай сённяшняй...

Ну, што ж, быў час, і сам быў з ім...

Але з тых даўніх лет і зім

Нясу, як скарб,

прамень я сонечны...

 

Ах, мой прамень, ах, мой прамень,

Прамень прачыстасці і святасці!

А ці ў палац, а ці ў курэнь —

Ісці з ім — нібы ў светлы сад ісці.

 

Прамень вясны, жыцця прамень —

У шлях народа вера мужная...

З ім самы горны, смутны дзень

Не быў ніколі мне засмужаны.

 

З ім я праходзіў праз агонь,

Нікім нідзе не пераможаны.

І з ім

вучыўся справай кожнаю

Служыць Радзіме дарагой...

 

Прамень вясны, душы прамень —

Свайму народу вернасць ясная.

Ніхто нідзе не кіне цень

На мой прамень —

жыццём нязгасны ён!..

 

Усё далей, усё далей

Гадоў былых шляхі вячыстыя.

Даўно раздаў я свой ялей,

Сабе пакінуў слёзы чыстыя.

 

Ды ўсё ідзе са мной, ідзе

Прамень мой —

самы ў свеце сонечны,

Радзімы любай кожны дзень

Сабою велічна баронячы...

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан