epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Франтавыя рэкі

Успомню грымотныя рэкі —

Маскоўскія Нару ці Шаню —

І мужная смеласць герояў

Наноў прад вачыма паўстане,

І голас таварыша чую:

— Агонь на сябе выклікаю!..—

І голасу даўняга

рэха

Ні ў дзень і ні ў ноч не змаўкае.

 

Успомню Угру ці Тарусу,

Калужскія Жыздру і Лужу,—

І бачу: над кручай высокай

Крыжастыя «юнкерсы» кружаць,

І бачу, як падае сонца

За дымам у травах мядовых,

І як медсястра,

Зноў пачую,

Мне шэпча гаючыя словы...

 

Прыйду на мяжу Беларусі —

Віхру* прыгадаю і Проню,

І час — агнявымі званамі

У кожнай крывінцы зазвоніць,

І ўявіцца зноў, як жывое,

Далёкае ўсё франтавое,—

І боль, і надзея, і вера,

І страты са скрухай сваёю...

 

О любыя, светлыя рэкі,

Крыштальныя, чыстыя воды,

Даруйце, што звалі калісьці

Мы воднаю вас перашкодай;

Былі вы для нас рубяжамі,

І мелі мы горкае права

З усім,

Чым знішчаць толькі ўмелі,

Ісці на свае пераправы.

 

І мы вас бамбёжкамі білі,

Снарадамі шчодра кармілі,

І целамі паўшых, бывала,

Вас густа, як гаці, гацілі,

Не заўважалі ў атаках

Мы вашай нідзе прыгажосці,

Ішлі на крывавыя штурмы

З адвагай душы маладосці.

 

Дазвольце ж мне, рэкі, сягоння

Сказаць вам удзячнае слова

За вашу цярплівасць і мужнасць,

За вашу святую суровасць,—

Мы вашу прывабнасць губілі,

А вы нас вадзіцай паілі,

Мы вас агнямётамі крылі,

А вы нам сінь ранкаў дарылі;

 

А вы пасля боек гарачых

Няслі цішыню нам заўсёды,

Туман лугавы вечаровы

І ранкаў сівых прахалоду,

А вы ў нашы сны маладыя

Лятункі вясны пасылалі,

Абы толькі ўсталі хутчэй мы

Ды ворага лютага гналі!..

 

Стаю над люстранай вадою,

Гляджу на красу дарагую,

І з любасцю сэрца гарачай,

Якую ўвесь век берагу я,

Жадаю вам, любыя рэкі,

Адно толькі міру, спакою,

Адной толькі бітвы —

дзе травы

Сцяною стаяць прад касою.

 

Адзін толькі гром па-над намі

Хай чуецца — гром навальніцы,

Адны толькі ўспышкі трывожаць,

З-пад хмараў вандроўных

зарніцы.

Плывіце, крыштальныя рэкі,

Змагаркі зямлі і няскоры,

У самыя чыстыя далі,

У самыя светлыя моры!..

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан