epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Гаркавы пах чабору..."

Гаркавы пах чабору,

Трымценне пасушы, лясной травы.

Сцюдзёных росаў ззянне на світанні.

І голас бору —

Плынназвонны, вечавы...

Чаму ў іх чую

Сумны роздум развітання?

 

Аднекуль прыйдзе

І мацнее, што ні міг,

Як бы знянацку

Неспадзеўны нейкі смутак —

Па сонцу,

Па зямлі,

Па ўсіх прасторах векавых

З травой і росамі,

З дажджом і мятай-рутай.

 

Я неаднойчы

сэрцам

І гарэў, і гас,

У радасці,

У сумаванні

Па зямлі і лету.

Ці не таму,

Што ўсякі, ўсякі раз

Баяўся страціць

Гэту сонечную вабнасць свету?

 

Хоць знаеш:

Заўтра

Будзеш зноў і неадрыўна тут

Імкнуцца

Да зямной красы, такой гаючай.

А ўсё ж...

Душа трымціць,

Як быццам

Твой чароўны кут

Паўнее спевам

Аб расстанні немінучым...

 

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан