epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Гарманіст

— Гарманіст! Што граеш ты

толькі песні сумныя,

Ну, калі не сумныя,

дык усё задумныя,

Не на малады, вясёлы лад?

Даў бы ты нам «Юрачку»

Ці хаця б мазурачку,

Што, скажы, з табой сягоння, брат?

 

— Эх, сябры харошыя,

я б сыграў вам полечку,

Не стаміўся б, верце мне,

граючы, ніколечкі,

І «Мікіту» б даў і «Крыжачка»,

Ды баліць душа мая...

Гора тое ж самае

Ведае і падае рука...

 

Граў я песні розныя,

гучныя, вясёлыя,

Ведаеце самі вы,

як хадзіў я сёламі.

Добра ў танцах выбілі зямлю.

Ды пачуў надоечы

Словы я...

Не тоячы,

Вам я назаву іх:

«Не люблю»...

 

— Гарманіст! Не вер ты ёй!

Ну, а калі верыцца,

Што твая каханая

да цябе не вернецца,

Дык хутчэй «Лявоніху» заграй,

Глянь, якія гожыя,

Здатныя, прыгожыя

Нашыя дзяўчаты! Выбірай!..

 

— Выбраць-то я выбраў бы,—

гаварыў ён, граючы,—

Толькі б не стаміцца мне,

доўга выбіраючы,

Між другіх такую, як яна,

Добрую і мілую,

Птушку легкакрылую —

Бо такая ў свеце ёсць адна!

 

Выбраць-то я выбраў бы,

толькі ж як забуду я

Вочы тыя сінія

любай, светлакудрае?..

Дзякую вам, хлопцы, пацярплю...

Зноў пайду, спытаюся —

Можа, я мыляюся:

Можа, там было адно «люблю»!

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан