epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Гарманіст іграў..."

Гарманіст іграў — і з дрэў са звонам

Лісцвяная сыпалася медзь.

Маладзік спускаўся на загоны,

Каб на хлопца

зблізку паглядзець.

 

Бы спрадвеку гэтакага грання

Не чувалі шэрыя палі...

І ўсю ноч да самага світання

Па-над шляхам

ветразі плылі.

 

— Не кідай ты нас! — прасілі сосны.

А салдат —

ці ж мог ён іх пачуць?

Ён душой шукаў свой Шклоў дзівосны

І дачку, што Славаю завуць.

 

Пальцы самі гралі, самі гралі...

А матыў — усё адзін, адзін.

Як на дол зялёны

слёзы ўпалі,—

Толькі бачыў зблізку маладзік.

 

А ледзь сонца ўстала — быў пяхоце

Баявы зачытаны загад.

Гарманіст зайграў

аб мужнай роце

І павёў на бой сяброў-салдат.

 

Задыміў крывёю жоўты верас.

Гнеў узрос і выспеў. Усугонь!

На загоне, зраненым і шэрым,

Да адплаты клікала гармонь.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан