epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Гарыць спатканняў нашых зорка..."

Гарыць спатканняў нашых зорка,

Шуміць пад ёй той самы гай,

Дзе клёны нам крычалі: «Горка!»

А сосны пелі ўслед: «Бывай...»

 

І сёння нас, як родных, стрэлі

Яны, такія ж, як тады.

А мы... Няўжо так пастарэлі?

Няўжо стамілі нас гады?

 

Стаім. Бы ў роздуме, па стрункай

Ідзём сцяжынцы — і маўчым.

І памяць даўніх пацалункаў,

Відаць, не ўзрадуем нічым...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан