epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Гэта ўсё прысвечана табе..."

Гэта ўсё прысвечана табе —

Песня і туга мая апошняя.

І з надзеяй — радасць асцярожная —

Гэта ўсё прысвечана табе.

 

Дзень за днём, па кропельцы,

з табой

Мы збіралі скарбы шчасця чыстага.

Хай жа яно, светлае, вячыстае,

Застаецца ўсё навек з табой.

 

А каб свет любіць і за мяне —

Беражы лятункі нашы светлыя.

Не сыходзь са сцежкі запаветнае —

Каб любіць жыццё і за мяне.

 

Ды яшчэ:

на ўзгорачку зямлі —

Пакладзі не з саду ружы мляныя.

А званкі — нам родныя, палянныя —

Пакладзі на ўзгорачку зямлі...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан