epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Геолаг

Па-над стэпам, пакуль што бязлюдным і голым,

Ціха сцелецца іскраў кастра.

Ноч прымоўкла: тут спіць пасля працы геолаг,

Разаслаўшы пальто ля кастра.

 

Каб ён мог адпачыць — вецер склаў свае крыллі,

Як на цыпках, стаяць кавылі.

Нават зоры стараюцца на небасхіле

Быць вышэй — не крануцца б зямлі.

 

І ўсю ласку прыроды, яе ўсю пяшчоту,

Мусіць, чуе геолаг праз сон.

Сніць ён стэпы ў садах, вуллі з мёдам у сотах,

Сніць з’яднаныя Волгу і Дон.

 

Ужо там, дзе прайшоў ён, машыны грукочуць,

Там без краю заззялі агні.

А ўсё новыя далі глядзяць яму ў вочы.

— Чалавек! Сухавей прагані!

 

І геолаг прывык па іх просьбе бясконцай

Быць у працы, ў паходзе заўжды.

Ён не можа інакш, ён устане да сонца,

Жыццярадасны і малады.

 

Яго мары — народа вялікага думы,

Яны крочаць разведчыкамі па зямлі,

Каб над Волгаю і ў пясках Каракумаў

Калыхаліся нівы і вішні цвілі.

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан