epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Гімн

Ёсць словы і ёсць мелодыі

З прынцэсамі і без прыкрас.

А гімнамі сталі найлепшыя —

Тыя, што ў сэрцах у нас.

 

Красу нашай далечы сонечнай,—

Юнацкіх дарог першацвет,

Вяснянку, што, ціха звонячы,

Гукае ў нявызнаны свет;

 

Красу пачуцця неабдымнага,—

Душы, гартаванай агнём,

І думак палёту нястрымнага,

І стрэч з самым радасным днём;

 

Красу ўсёй той велічнай слаўнасці,

Якой і не зведаць другім,—

Усё мы прыносім з адданасцю

У шчыры сыноўні свой гімн.

 

І сэрца праўдзівае, чыстае,

Абняўшы Радзімы зямлю,

Заўжды з таго гімна вячыстага

Пяе сабе слова «люблю»!

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан