epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Гляджу: матуля песціць сына..."

Гляджу: матуля песціць сына...

А недзе ў вочы б’е напалм.

І зноў на нейкую краіну

Раптоўна вылюдак напаў.

 

І зноў з агнём хлусня ў хаўрусе.

У катаў — рукі мяснікоў...

І я, прызнаюся, баюся

За мацярок і хлапчукоў.

 

Убачу: маці песціць сына,

І чую, як гудзе напалм...

Глядзі, глядзі, мая краіна,

Каб кат знячэўку не напаў...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан