epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Голас краю

Месяца тонкі сярпочак

Глядзіць на залужжа з-пад зор.

Мне сёння расказвае казкі

Над рэчкай

пявун сівы — бор.

 

Ціхі начлежны агеньчык

Раскідвае іскры далоў.

Я слухаю бор — не ўпусціць бы

Ягоных нямоўкнучых слоў.

 

І ярка, нібыта вось зараз

Грымеў, не сціхаючы, бой,

Ізноў паўстаюць, як жывыя,

Асілкі вякоў прада мной.

 

Асілкі бацькоўскага краю,

Што волю ўсім нам здабылі,

І долю навек падарылі,

І дужыя крылы далі.

 

Асілкі, якія ніколі

Свой край не пакінуць на здзек,

А ўсюды — з жыццём усім

з намі

У велічы краю навек!

 

Месяца тонкі сярпочак

Глядзіць на залужжа з-пад зор.

Я слухаю пільна паданні,

Што сёння гаворыць мне бор.

 

І радасць, жывая калыска,

Гайдае мне думку маю.

І песню пра любасць да краю

Я ўсім сваім сэрцам пяю.

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан