epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Голас міру

Па неагляднай свету шыры

Ідзе спакойны голас міру.

Народжаны ў гамонцы жыта,

У шуме хваляў на Палессі,

У звоне ўральскага граніту,

У веснавой дзявоцкай песні,

Ён пераходзіць праз граніцы,

У сутарэнні заглядае,

Звініць над плошчамі ў сталіцах,

Над акіянамі крыляе.

І ў простых словах, рускіх словах

Народам розных моў і нацый

Чуваць дыханне сілы новай,

Што вырастае ў шчырай працы.

Грымяць ля свежых рольняў краны,

Дзе бой кіпеў — палацы ўсталі.

Святло жывога Днепрастана

Зноў зацвітае ў мірных далях.

І кліч гудкоў гучыць няспынна,

І бег машын здалёку чутны.

Перад вачмі вясны краіна —

Сацыялізма край магутны...

На неагляднай свету шыры

Знаходзіць водгук голас міру.

Мінае міг — і як на сходзе,

Дзе аб жыцці, аб шчасці мова,

Ў адказ Маскве — жыццю,

свабодзе —

Бяруць усе народы слова.

Гавораць Прага і Варшава,

Берлін працоўны і Тырана,

І Бухарэст, і з песняй славы —

Сафія, горад на Балканах.

І нават там, дзе йшчэ вампіры

Стаяць, як хмары, над свабодай,—

І там магутны голас міру

Збуджае мужныя народы.

Яны ўстаюць пад родным небам

І кліч нясуць, каб іх пачулі,

Каб ім далі спакою, хлеба

Заместа атамаў і куляў.

Шугаюць хвалі акіяна.

Мацнее сэрцаў хваляванне.

І людзі з рана і да рана —

Крамлёўскіх зораў ловяць ззянне.

Над неагляднай свету шырай

Расце, мужнее голас міру.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан