epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Гомель

Некалі я сніў у ціхім гроціку

Над Сажом,

дзе парк узняў крыло,

Твае песні звонкія... рэха й сёння коціцца.

Вочы твае сніў...

Калі ж гэта было?

 

Ці ў гады студэнцкія, вандроўныя,

Калі кожны кут быў — свет і дом?..

Ці пасля,

калі пад яснай поўняй

Празвінеў душы тваёй лядок?

 

Ці яшчэ пасля,

на сцежцы ў ноч грымотную,

Дзе сабе ў адказ пачуў я: «Не...»

Ці пазней, пазней — калі на вёрстах

родных

Я твой след расшукваў па вайне...

 

Ёсць цяпер у Гомелі

і сцежкі маляваныя,

І цюльпаны ўсюды — аж душу агніць.

Толькі ўжо няма цябе,

навек каханая,

І няможна ў гроціку тваіх вачэй прысніць.

 

Не, не тая сёння амуніцыя,

І гадоў пазіцыя, і суддзя-амбіцыя

Пракладаюць роўненькія дні.

І такая ў Гомелі цяпер міліцыя —

Паспрабуй у гроціку засні.

 

Пастаю пад кручай каля замка даўняга,

Памаўчу,

трывожны чуючы ўспамін...

Ах, мой Гомель,

Як туга расстайная,

Ты адзін такі на свеце,

ты адзін.

 

Як адно юнацтва непаўторнае,

Як і мара першая — адна...

Ты даруй мне, Гомель,

што ў суквецці зорным

Сніцца мне ўвесь час адна вясна.

 

Я люблю і з сённяшнімі песнямі

Кожны твой куточак малады.

Ды згадаю вуліцу старую —

Песіна,

І былое вернецца заўжды.

 

Светлае, студэнцкае, далёкае

Зазвініць у сэрцы, як струна.

Чуецца ў цішы:

спяшаюць крокі...

Ўсё хутчэй, гучней... Яна!.. Яна!..

 

Над яе магілай сёння ў скверыку,

Як званы, цюльпаны звоняць боль,

Я ж не веру, не, мне ўсё не верыцца,

Што яна не заспявае больш.

 

Бачу яе ўсмешку незамглёную,

Бачу бег праменняў па-над ёй,

Бачу ўсю — у радасць улюбёную —

І хачу спытаць, як у жывой:

 

— Некалі я сніў у ціхім гроціку

Над Сажом, дзе парк узняў крыло,

Твае песні звонкія...

Рэха й сёння коціцца.

Ты спявала мне?..

Скажы —

Ўсё так было?..

 

Скажы!

Скажы, што так — было!..

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан