epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Гордасць

Ёсць момант —

для мяне ён непаўторны ў свеце, —

Так шчодра дорыць велічнасць сваю:

Калі ў адным парыве

і бацькі, і дзеці

Галасаваць

Мандаты дастаюць.

 

Сівы, задумна-строгі, з ордэнамі Славы

Гвардзеец векапомнае вайны.

А побач з ім — ягоны сын русявы,

І аднакашнікі, і іх сыны.

 

— Хто «за»? — пытае старшыня ўрачыста.

І, быццам чырвань звонкая сцягоў,

Ўзвіваюцца мандаты камуністаў,

І палкасць душ не знае берагоў.

 

Не, не падказвае тут бацька сыну,

Бо шчыры аднадумец яму сын.

Усе — адзіны строй,

дзеля сваёй Айчыны

Адно ва ўсіх дыханне, гарт адзін.

 

Усе яны — вялікіх спраў салдаты,

У заўтра скіраваны іх паход.

І ў міг,

калі ўрачыста ўзнімуцца мандаты,

Я бачу:

галасуе тут

увесь народ.

 

Тады, ў такія светлыя імгненні,

Перад вачмі ўстаюць мне зноў і зноў —

У Смольным зала, па трыбуне Ленін

І наступ

Рэвалюцыі сыноў.

 

Тады, ў такія палкія хвіліны,

Мне бачацца Айчыннае франты,

Сцяг Перамогі

ў небе над Берлінам

І пад тым сцягам — воіны-браты.

 

Тады ўсім сэрцам бачу я і чую

У росквіце зямлі і каля зор

Савецкую Радзіму дарагую,

Сям'ю рэспублік — радасных сясцёр.

 

І з гордасцю за свой за век цудоўны

Кажу ад сэрца: слаўся, лёс такі! —

Бо дзеці ад бацькоў

усё ўзялі грунтоўна

І значыць —

справе нашай

жыць вякі!

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан