epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Граніт

Нанова будуючы горад,

Знайшлі мы ў руінах граніт.

Глядзелі крывавыя плямы

З шырокіх шліфованых пліт.

 

Мы кроў тую з іх не сціралі,—

Была гэта праца цяжкой.

Бо зналі, што змыць яе змогуць

Адны толькі ліўні вясной.

 

А к знойдзеным плітам наш майстра

І новыя пліты паклаў,

Якія з вясёлаю песняй

Пад сонцам вясны шліфаваў.

 

Ён так шліфаваў іх старанна

Ці ў ночы, ці ў ясныя дні,

Што ў плітах адбіліся кветкі,

І неба, і плошчаў агні.

 

Суровы і просты, як воін,

І гэткі ласкавы на від,

Адзеты навекі, на славу —

Наш дом — у люстраны граніт.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан