epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Гром

Чалавек прыпыніўся:

за ракою — абвалам са стром —

Загрымеў, пакаціўся,

віхравеі ўздымаючы, гром.

Чалавек пад вятрамі

пахіліўся, прысеў на траву.

Нестарымі рукамі

у знямозе абняў галаву.

Галава ў чалавека

паплыла, як на хісткім чаўне.

Сын суровага веку,

зненавідзеў ён гром на вайне.

Гром!.. Дажджын адгалоскі...

Буйны постук па свежай раллі.

Клейкі ліст для бярозкі.

Веснавое пітво для зямлі.

Гром! Усходы на гонях.

Жыватворная завязь садам.

Гром! Даруй, што сягоння

ты нялёгкія дні прыгадаў.

Чалавеку не проста

адмахнуцца ад сумнай імжы:

І дарог сваіх ростань,

і сіроцкі ён боль перажыў.

Чалавек гэты ўмее

і смяяцца, і песняй сурміць.

Ды заўжды пацямнее,

калі раптам над ім загрыміць.

Але гэта, павер мне,

на малую хвілінку адну.

Вось ён зараз паверне

твар гарачы пад ліўня сцяну.

Вось ён зараз устане,

каб прымятае дрэўца падняць.

З маладым хваляваннем

ён захоча прасторы абняць...

Пад навалаю парнай

уздыхнулі палі і лугі.

Рупатлівы, ўладарны

дождж рачныя абмыў берагі,

На хмызы, на азерцы

льецца, льецца,

ён з хмарных засек...

І прымае ўсім сэрцам

гэту ласку вясны чалавек.

Ён глядзіць улюбёна

на вясёлку з агністым багром,

На палетак зялёны —

і вітае, ачнуўшыся, гром,

Гром пялёсткаў і лісця,

медуніц і густой збажыны,—

Для такога калісьці

зненавідзеў ён грукат вайны!..

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан