epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Грукні у акно, вясна

Грукні ў акно, вясна малада,

Грукні ў акно, калі сівер з паўночы

Пройдзе з снегам па цёплых тваіх слядах,

Заслязіць твае сінія чыстыя вочы,

Закуе звонкім лёдам рачулкі-дарогі,

Замарозіць твае яшчэ кволыя ногі.

 

Грукні ў акно, вясна.

 

Гаспадыняй заходзь у хату маю

Ды сядай частавацца за стол за дубовы,

І пакуль яшчэ сцюжы там зляцца, пяюць,

Пакуль гоніць іх з поля твой вецер паўднёвы,

Пакуль сонца ільды разбівае,— з табою

Пагуторым, як брат пры сустрэчы з сястрою.

 

Грукні ў акно, вясна.

 

Калі схочаш,— мы і па чарцы нальём

Самай лепшай маёй беларускай застольнай,

Вып’ем шчыра за цёплы мой новы дом,

Вып’ем шчыра за звон тваёй песні польнай,

За багацце майго маладога калгаса,

За расу для руні жытнёвай, для красак.

 

Грукні ў акно, вясна.

 

Ты пра шлях свой, пра мора, што хваляй б’е,

Мне вяснянку спяеш напачатку, а потым

Я табе пакажу усе планы свае,

Раскажу пра свае маладыя клапоты,

А пасля ў поле пойдзем — дазволь пахваліцца,

Колькі сёлета спраў нас чакае, сястрыца.

 

Грукні ў акно, вясна.

 

Грукні ў акно, вясна малада,

Нам пра шмат што з табою дамовіцца трэба:

Пра багатую завязь калгасным садам

І пра важкія тоны пшанічнага хлеба,

Пра багацце, што даць мы з табою павінны

Для народа майго, для Савецкай краіны.

 

Грукні ў акно, вясна!

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан