epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Грыбная пара

Пахнуць хлебам

маладзенькія апенькі,

Разанеш нажом —

і сыпануцца дружна ў кош.

Аж паглядзець на іх

краснагаловічак маленькі

На сцежку выбег,

што ў берэціку Гаўрош.

 

Мядзяны рыжык

толькі вынырнуў нібыта

З глыбінь зямлі —

яшчэ аж хмурыцца праз сон.

А вунь і самы ў свеце знакаміты

Сам баравік

з-пад моху вылез між сасон.

 

Пара грыбная...

Ці то ўзлесак, ці палянка —

Якая ўцеха

на распешчанай зямлі!

Там казлякі стаяць,

там падабабкі, там ваўнянкі,

А там грузды вунь

хвацка ўскінулі брылі.

 

Вандруй без стомы,

не давай нагам спачыну,

Спыніцца ў гэткі ранак —

найвялікшы мо з грахоў,—

Бо не заўсёды, не заўсёды

так шчыруюць баравіны,

Не, не заўсёды

так праменіць восень між імхоў.

 

Хадзем жа, кош мой!

Хоць паўнюткі ты да краю,

Але ж ты чуеш кліч? —

З усіх, усіх бакоў

Гукае, запрашае,

запытанні паўтарае

І радуецца папаўненню

войска грыбнікоў.

 

Хадзем да іх...

Па гулкім рэху сцежкі спросцім,

Усёй грыбною

Пройдзем стараной.

Хай сэрцу зноў пяройдзе,

зноў успыхне

казачнае штосьці

Ад непаўторнай

шчодрасці лясной...

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан