epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"І хто пагарджаў ім, і хто зневажаў..."

І хто пагарджаў ім, і хто зневажаў —

Усе прыйшлі ўславіць навечна:

Які ён быў рупны, як сеяў і жаў,

Які, маўляў, быў чалавечны.

 

А ён, спалатнелы, з усмешкай, з якой

Сустрэў міг пакуты апошні,

Ляжаў у труне і апошні спакой

Дарыў усім —

возьме хай кожны.

 

Не чуў ён, як хтось крывадушны над ім,

Сябе каб тут выценіць, пнуўся.

Ды раптам... што гэта? Здалося усім —

З труны ён — нібыта ўсміхнуўся.

 

І ўсе схаладнелі:

а раптам...— не, не!

Адплюшчыць ён гнеўныя вочы...

І словам, як брытвай, усіх краяне

Або — ўсім на страх зарагоча.

 

І ціха-паціху адгэтуль дамоў

Знікалі хітругі па купе...

І толькі аматар дзяжурных прамоў

Тоўк з потам

ваду сваю ў ступе...

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан