epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"І я там быў..."

І я там быў,

Ля Смольнага,

ў той першы дзень,

Калі Ільіч пазваў народ:

— Пара!..

Я веру:

Я там быў!

Там, дзе з людскіх грудзей

Ляцела пераможнае «ура» —

Сігнал, што развінуўся, як зара,

І думы ўскалыхнуў на ўсе вякі...

 

Так, я там быў!

Спяваў, і паміраў,

І падымаўся зноў на бой цяжкі.

 

Кастрычнікам пакліканы ў жыццё,

Нясу ў душы

трывожны, светлы гул

Той —

Дзе і сэрца Леніна біццё,

І песня пра пяклівую тугу,

Той,

Дзе і мужнасць краю, і разгон,

І мара пра шляхі да ўсіх планет...

Так, я там быў!

І з сонцам тых вітальных дзён

Іду няспынна ў свой каханы свет.

Іду са звонкай радасцю зямной,

І сэрца ў вольных ветразях імкне.

Бо я там быў.

Бо, вечнае са мной,

Юнацтва пазірае на мяне!

 

 

*

Радзіма не забудзе, не пакіне,

Радзіма ад нягод аберажэ.

Алее сцяг

высока ў яснай сіні —

Няма нічога ў свеце даражэй.

 

Радзіма — і лятунак, і калыска,

Адзіная і ў шчасці, і ў журбе.

Заўсёды, ці далёка ты, ці блізка,

А сцяг Радзімы свеціцца ў табе.

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан