epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"I так было — ляцеў за межы..."

I так было — ляцеў за межы,

Сігаў ажно за акіян.

Шукаў нянаскіх дзіў, бязмежжаў,

Чароўных лекаў, новых яў.

 

Якое шчасце, што сягоння

Той чадны пал перагарэў!

Якое шчасце — толькі помніць

Свае імёны, назвы дрэў,

 

Свой кветак пах, свой свіст птушыны,

Свой плёскат хваль між чарацін,

Свой сонца ўсход — такі адзіны,

Свой кут жыцця — навек адзін.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан