epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

І так праз жыццё...

Колькі разоў

Ты душу акрыляла чаканнем:

Сыдуць снягі,

Жаўруком

Зазвініць старана.

І зноў будзеш ты,

Ты — ўладарка салодкіх світанняў,

Сіняя казка,

Жаданая казка — вясна.

 

І так праз жыццё:

Пасяляюцца ў сэрцы пачуцці —

Імкненні і мары,

З якімі да скону жывеш,—

Дайсці, дачакацца,

Няхай сабе і ў шматпакуцці,

Вялікай хвіліны,

Дзе шчасце не ведае меж.

 

І з грому, і з ліўняў,

І з росаў, і парасткаў росту,

І з смутку, і зерняў,

Што не прыстаеш засяваць,—

Складаюцца песні,

Раджаюцца новыя вёсны

І вера —

што вечна

Нам вёсны свае веснаваць!

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан