epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"І ў барабаны біў, і ў бубны..."

І ў барабаны біў, і ў бубны,

І ў трубы гучныя трубіў.

Каханне славіў, адналюбны,

І без кахання век свой быў.

 

Шукаў зіхотны ў свеце вэлюм,

А збоку чуў, як нейкі сон:

«Ты захапляйся, брат, не вельмі

Няпэўнай, зменлівай красой.

 

Успомні — як кідалі сэрцы

Сам Пушкін з Байранам на злом...»

Хай так, хай так,

але да смерці

Хаця б адна душа з цяплом!..


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан