epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"І ў бель зімы, і ў квецень мая..."

І ў бель зімы, і ў квецень мая,

І ў хлябу восеньскай пары,—

Сцяжынка радасці прамая,

Хутчэй са мной пагавары.

 

Закінь далей ад гіку, тлуму,

Ад крывадушных вестуноў.

Хачу жывую думу думаць,

А ёй балюча ад званоў.

 

Аж цьмее кожная крывінка

Ад адзіноты ў мітусні.

Прашу цябе, мая сцяжынка,

Спакой сяброўства мне вярні.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан