epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"І ўсё ж няма шчасліўшай долі..."

І ўсё ж няма шчасліўшай долі,

Чым жыць, яшчэ раз — жыць.

Глядзі,

вунь кружыць птах над полем —

Так будзе й век кружыць.

 

Расце трава, струменяць промні,

Імкне сцяблінка з цьмы.

Хіба ж не шчасце, што ў нястоме

Між іх заўжды і мы?

 

Што жаль, што боль,

нуда клапотаў,

Гадоў трывожны след? —

Ёсць мы, ёсць радасць,

мёд ёсць сотам,

Ёсць свет — наш добры свет.

 

Давай жа ўстанем,

зладзім крокі...

Адкінем смутку ком...

І пойдзем...

І ўздыхнём з палёгкай,

Як жнеі над снапком...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан