epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Іх было двое..."

Іх было двое —

што тут летам кружылі,

Двое — шчырых, быццам сваіх,— лебядзёў.

Аднаго ў выраі,

мусіць, недзе забілі,

Другі прыляцеў дамоў.

 

Ідуць ля возера, спыняцца людзі,

Просяць лебедзя: не сумуй, дружбак...

А ён — то нясе перад імі

белыя грудзі,

То — нырне ў чаратах, як рыбак.

 

І, ўспамінаючы,

як тут было да адлёту

У вырай (як тут любілі іх),—

Думае:

каб людзі

не чулі сябе сіротамі,

Трэба яму жыць за дваіх.

 

І падплывае да рук кожных

шчыра-шчыра,

І шчыра прымае ласку ад іх.

А часам —

закіне голаў і, як з гучнай ліры,

Людзей прывітае —

што братоў сваіх...

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан