epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Іду да вас..."

Іду да вас,

Курганы Славы

І агні Вечныя...

Даруйце, што так спазніўся...

І асабістыя,

І ўсечалавечыя

Не пускалі клопаты,

справы былі ўсё...

 

Курганы Славы

І агні Вечныя,

Іду да вас... Але верце, паверце —

Пад Высокім Шляхам,

Пад Бессмяротным Млечным

Не пра вас думаю,

не пра бяссмерце...

 

Мільёны вачэй ясных

І мільёны сэрцаў чыстых,

Калі згаралі,—

не марылі пра помнікі...

Бачу іх:

І ў муках сваіх вячыстых

Яны пра жывых думалі,

жывых помнілі...

 

Бачу іх,—

Як апошнім дыханнем яны

жыццё славілі,

Як для жывых праменіліся

І апошняй крывінкай сардэчнай...

 

Калі вас насыпалі,

Калі вас запальвалі,

Мы ведалі:

мы да вас прыйдзем,

але прыйсці спознімся,

Курганы Славы

І агні Вечныя...

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан