epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ідзём па сцежцы маладога поля..."

Ідзём па сцежцы маладога поля —

Рука ў руцэ —

на вогнішча зары.

Там перапёлка зранку жыта поле,

Там хмаркі ў сінь кідаюць якары.

 

Ідзём — і сэрцу

гэтак лёгка знацца

З красой жыцця, бясконцай і жывой.

Як быццам зноў вярнулася юнацтва

І зноў гучыць каханнем голас твой.

 

А можа, і напраўдзе —

так і стала?

А мо гадоў зусім і не было?

А можа, ў сэрцах —

не пераставала

Гарэць кахання звонкае святло?..

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан