epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Імгненне

Страляла батарэя. Біў па танку

Снарад — і танк гарэў. А насупроць

У жыце росным — як вітанне ранку —

Гукала перапёлка: «Шыць-палоць».

 

На ўзмежках людзі, нібы ў задуменні,

Паціху адыходзілі ў нябыт.

А дзесь для іх раджаліся праменні

І радасна ляцелі з-за ракіт.

 

Не згледзець вокам, не абняць — навокал

Грымелі і дыміліся палі.

А ўсё ж аднекуль стомлена —

здалёку,

Каб напаіць іх, воблакі плылі.

 

І хоць, здаецца, ўсцяж запанавала

Смерць, па-вар’яцку ладзячы свой баль,

Ды зналі людзі: скончыцца навала!

Уся ў праменнях будзе гэта даль!

 

Не чулі мёртвыя, як сонца грэе,

Жывым жа не да гэтага было.

Усё па танках біла батарэя...

Гарматнае стагнала жарало...

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан