epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ішлі віцязі

Ішлі полем, ішлі борам,

Ярам ды лугамі,

Ішлі віцязі паходам,

Маршам пад сцягамі.

 

Ішлі мірна —

зелянелі

Скаткі, гімнасцёркі,

Цёплай ласкай

палымнелі

На іх касках зоркі.

 

Ішлі віцязі дадому,

Без крыўды нікому.

Ды напаў на іх чужынец,

Кінуў буру грому.

 

Ой і быў жа бой суровы!

Свет грымеў вайною.

Сталі віцязі за край свой

Грознаю сцяною.

 

Пакрышылі чужаніцаў.

Ды ў смутку і самі.

Самы юны, смелы віцязь

Злёг пад верасамі.

 

Маўчыць віцязь, маўчыць юны,

Не чуе нічога.

Толькі вецер сваю песню

Пяе над дарогай.

 

— Ой, скажыце вы, героі,—

Пытае іх вецер,—

Што вы скажаце ў паходзе

Ўсім людзям на свеце,

 

Якім словам, якім сказам,

Якім ладам-строем

Вы раскажаце пра подзвіг

Юнага героя?..

 

— Мы раскажам у паходзе,

Ведай, дружа-вецер:

Быў герой наш — сынам шчасця,

Радасці на свеце,

 

І таму — яго надзеі

Жыць не перасталі,

Не захмарацца над сынам

Сонечныя далі.

 

Баравыя вершаліны

Віцязя вітаюць.

Над магілаю героя

Кветкі расцвітаюць...

 

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан