epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Я аб радасці і весялосці..."

Я аб радасці і весялосці

З першых дзён свае песні спяваў.

Але раптам сказаў мне хтосьці:

— Раскажы, як я сумаваў...

 

У павазе да сябра-героя

Я прымусіў пачуцці свае —

На маркотны лад ліру настроіў,

А яна — ўсё аб шчасці пяе.

 

Я збіваць яе болей не ў стане,

Хай спявае па-свойму сама.

Можа, ў вочы мне смутак і гляне,

А ў душы яму месца няма.

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан