epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Я б мог чаборам стаць на ўзгорках..."

Я б мог чаборам стаць на ўзгорках,

Паўз сцежак смолкамі мог стаць,

А хоць і піжмай, самай горкай,—

Абы цябе не пакідаць.

 

Я б мог дажджынкай падаць весняй,

У небе жоравам трубіць

Ці хоць бы слоўцам зліцца з песняй,—

Абы з табою ўсюды быць.

 

Я б мог навечна стаць заранкай,

Каб твой будзіць світальны сон,—

Абы магла сказаць ты ўранку:

— То ён прыходзіў, зноў быў ён...


1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан