epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Я бачыў людзей..."

Я бачыў людзей —

Яны з лянотай жавалі сігару над нябожчыкам,

Я бачыў людзей —

Яны выкрадвалі цэнты ў жабрака,

Я бачыў людзей —

Яны глумліва коўзаліся па прыгожым целе.

Я бачыў людзей —

Яны разраджалі ў сяброў сваіх кольт,

Я бачыў людзей —

Яны выракаліся роднай маці,

Я бачыў людзей —

Яны з шумам садзіліся на караблі,

Я бачыў людзей —

Яны ехалі забіваць немаўлятак,

Я бачыў людзей —

Яны крычалі: «Амерыка, о’кей!» —

І пры гэтым ні разу

ніхто не жахнуўся!..

 

Кастрычнік 1969,

Нью-Йорк


1962; 1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан