epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Я многа пеў — спагадна, звонка..."

Я многа пеў — спагадна, звонка,

Смяяўся, біўся, сумаваў.

Але святое слова «жонка»

Ні разу ў песню не пазваў.

 

Усё чакаў нагоды нейкай,

Усё саромеўся як бы...

А ёй — як слёзная жалейка,

Былі ёй дні маёй журбы.

 

А ёй душы маёй трымценне

Паліла сэрца, як агонь...

Павер, я знаў. І ўсё натхненне

З табой звязаў я, дарагой...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан