epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Я пайду ізноў да тых азёр..."

Я пайду ізноў да тых азёр,

Ля якіх калісь узрос падпаскам.

І, напэўна, зноў дрымучы бор

На мяне дыхне цяплом і ласкай.

 

Ён пазнае сябра па вачах,

У якіх цвітуць яшчэ ўспаміны

Аб грымотных чэрвеньскіх начах,

Аб асенніх казках жураўліных.

 

— Будзь са мною, браце, будзь

са мной! —

Ён здалёк яшчэ мне крыкне, знаю.

Белай кветкай, шчавелем, жаўной

Западзе ў душу вясна лясная.

 

Я пайду ізноў да тых крыніц,

Звон якіх і ў ростанях мне чуўся,

Калі ў грозным ззянні бліскавіц

Я ішоў праз смерць да Беларусі.

 

Сам зраблю карэц берасцяны,

Ціха шкло крынічнае зламаю,

І напэўна ў гэты міг з струны

Песня ў свет пальецца, як жывая.

 

Я пайду ізноў да тых палёў,

Дзе вучыўся змалку жыта сеяць,

І пад зычны гоман трактароў

Зноў у сэрцы радасць зарунее.

 

І калі на зычны гоман кос

Жніўнай песняй адгукнецца піва —

Я адчую, што з усіх — мой лёс

Самы шчодры ў свеце і шчаслівы.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан