epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Я паклікаў цябе і павёў за сабой..."

Я паклікаў цябе і павёў за сабой

Па няходжанай, па мурожнай сцяжынцы.

І ты не спытала,

куды і чаго

Мы ідзём,

а толькі трымцела рукою.

 

І калі мы спыніліся каля вады

І ты ўбачыла, як на галінцы каліны,

Так даверліва зырачы вочка на нас,

Корміць ціха сваё птушанятка заранка,—

 

Ты так доўга маўчала,

застыўшы нібы,

Што нагадваць мне стала

над рэчкаю помнік...

І я ўвесь здрыгануўся:

хоць слова скажы! —

Ты ж і мне і сусвету

патрэбна жывою!..

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан